Ад жывой ёлкі з Белавежскай пушчы ў 2001-м да тэхналагічнай прыгажуні са святлодынамічнымі цацкамі, якія іскрацца нават днём, у 2018-м... У чаканні любімых зімовых свят – яшчэ да пачатку ўпрыгожвання Мінска да Новага года-2019 – мы вырашылі паглядзець фотаархівы і нагадаць, як мяняла вобразы галоўная ёлка Беларусі на цэнтральнай плошчы сталіцы.
Сваю "гісторыю" ёлка на Кастрычніцкай плошчы пачала ў 2001 годзе: тады на галоўную святочную пляцоўку горада прывезлі лясную прыгажуню вышынёй 30 метраў з Белавежскай пушчы. Пазней, у 2004-м, з'явіўся спецыяльны каркас, які дзякуючы тысячы маленькіх і вялікіх дрэўцаў ператвараўся ў святочную ёлку. Тады на ёй упершыню з'явіліся ўпрыгажэнні: да гэтага дэкор абмяжоўваўся толькі святлівымі гірляндамі.
Першая штучная ёлка была ўстаноўлена на Кастрычніцкай у 2006-м. "Дрэва" вышынёй 33 метры ўпрыгожвалі навагоднія шары, сняжынкі і гірлянды. У 2008 годзе ў ёлкі з'явіўся шпіль, а цацкі набылі новы выгляд: сняжынкі і зоркі плоскай формы, пакрытыя металізаванай плёнкай, якая блішчала на святле, былі выраблены спецыяльна для навагодняга свята. Акрамя таго, над ёлкай замігацела "зімовае неба": тысячы агеньчыкаў, што папераменна ўспыхвалі, стваралі для мінчан казачную атмасферу.
Новы 2011 год ёлка сустракала ў кардынальна абноўленым дызайне: на змену плоскім цацкам прыйшлі аб'ёмныя шары, зоркі, званочкі, свечкі і банты. Галоўны навагодні сімвал Мінска на гэты раз здзіўляў памерамі – сам каркас ёлкі "падрос" на 2 метры, а ўпрыгажэнні сталі самымі вялікімі за ўсю 10-гадовую гісторыю ёлкі.
Пярэдадзень 2014 года быў асаблівым: горад маштабна рыхтаваўся прыняць чэмпіянат свету па хакеі. Падагравалі цікавасць балельшчыкаў і навагоднія дэкарацыі Мінска: цэнтральную ёлку ўпрыгожылі цацкамі з сімволікай сусветнага першынства, асаблівую ўвагу ўдзялілі талісману чэмпіянату – зубру па імені Волат.
Год гасціннасці праводзілі беларускімі арнаментамі і спецыяльна вырабленымі цацкамі з выявамі славутасцей Беларусі (сярод іх – Брэсцкая крэпасць, Мірскі і Нясвіжскі замкі, Сафійскі сабор у Полацку, Белавежская пушча). Навагодняя "міні-экскурсія" па краіне, зрабіць якую мог кожны жадаючы, абышоўшы вакол ёлкі – галоўны акцэнт дэкору свята пачатку 2015-га.
У апошнія гады ва ўбранні галоўнай ёлкі краіны сталі актыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. Разам з тым само дрэва набыло больш "натуральны" выгляд дзякуючы яруснаму каркасу. Элементы, якія ствараюць эфект ілюмінацыі нават днём, радавалі беларусаў і гасцей напярэдадні 2017-га і 2018-га Новага года.
Чым парадуе навагодняя прыгажуня ў надыходзячым 2019-м – пакуль застаецца тайнай. Зрэшты, чакаць засталося зусім нядоўга!
На фота: галоўная ёлка 2011 года