Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Таямнічы Крэўскі і Гальшанскі замкі – у жыцці і віртуальнай рэальнасці

Таямнічы Крэўскі і Гальшанскі замкі – у жыцці і віртуальнай рэальнасці

Таямнічы Крэўскі і Гальшанскі замкі – у жыцці і віртуальнай рэальнасці
28 Жнв 2017

Старажытныя, загадкавыя, рамантычныя і, на жаль, напаўразбураныя… У Беларусі, краіне замкаў і палацаў, сёння нямала месц, дзе гісторыя нібыта застыла – захавала толькі руіны, ператварыла іх у закансерваваныя помнікі, якія чакаюць новага росквіту. Сярод іх і ўнікальныя архітэктурныя жамчужыны на поўначы Гродзеншчыны – Крэўскі і Гальшанскі замкі. Яны нават размешчаны недалёка адзін ад аднаго, а легенда расказвае аб тайным падземным ходзе паміж дзвюма рэзідэнцыямі…

Крэўскі замак – адзін з найстарэйшых у Беларусі, пабудаваных з каменю – захоўвае памяць пра сапраўды эпахальныя падзеі. У 1382 годзе ў яго падзямеллі па загадзе Ягайлы быў задушаны вялікі князь Кейстут, а будучы вялікі князь Вітаўт ледзь уратаваўся, уцёкшы пераапранутым у жаночым адзенні. У 1385-м тут была падпісана легендарная Крэўская унія, якая паклала пачатак аб’яднанню Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім і нараджэнню дынастыі Ягелонаў. На працягу стагоддзяў замак не раз атакавалі мяцежныя князі, маскоўскія ваяводы, перакопскія татары, але самым трагічным перыядам для яго стала Першая сусветная вайна. Свой апошні, разбуральны, бой Крэўскі замак прыняў 100 гадоў таму – 21 ліпеня 1917 года…

Авеяны легендамі і літаратурнымі сюжэтамі замак у Гальшанах быў пабудаваны пазней – у першай палове XVII стагоддзя для падканцлера ВКЛ Паўла Стафана Сапегі. Але і гэта некалі велічная, прыгожая рэзідэнцыя з чырвонай цэглы сёння сустракае напаўразбуранымі сценамі, мудрагелістымі ўзорамі арак і таямнічымі гісторыямі пра Белую панну і Чорнага манаха… Зрэшты, і яны ўражваюць, прыцягваючы сюды аматараў рамантыкі і даўніны.

Сёння Крэўскі і Гальшанскі замкі ўваходзяць у праграмы захавання гістарычнай спадчыны, і паступова некаторыя работы па аднаўленні вядуцца, хоць пакуль недастатковыя, каб ператварыць іх у турыстычныя, культурныя цэнтры. Ажываюць яны толькі ў дні фестываляў сярэдневяковай культуры ("Крэўскі замак" і "Гальшанскі замак"), калі ля сцен змагаюцца рыцары, прагульваюцца дамы ў шыкоўных убраннях, а пад гукі старадаўняй музыкі з'яўляюцца гістарычныя героі – усё, як і шмат стагоддзяў таму.

Зрэшты, адрадзіць былую славу, прыцягнуць турыстаў і зацікавіць інвестараў прызначаны новы праект, прэзентаваны нядаўна ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Цяпер Крэўскі і Гальшанскі замкі можна наведаць віртуальна – з дапамогай 3D-акуляраў перанесціся ў мінулае і ўбачыць іх у час росквіту – прыкладна XV–XVII стагоддзяў. Дэталёвая лічбавая рэканструкцыя стваралася на аснове гістарычных даных, кансультацый з археолагамі, вучонымі. Крэўскі замак прадстаўлены ў першую чаргу як ваенна-абарончая крэпасць, Гальшанскі – як свецкая княжацкая рэзідэнцыя

Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Таямнічы Крэўскі і Гальшанскі замкі – у жыцці і віртуальнай рэальнасці
Папярэдняя       1 2 3 4 5  [6..6]      Наступная