Фестываль у фестывалі, велапрабег міністраў і дыпламатаў, тэатралізаванае шэсце – у такім незвычайным фармаце прайшоў 17-ы "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў".
На берагах славутага Аўгустоўскага канала адзін з самых шматнацыянальных рэгіёнаў краіны – Гродзенскі – сустракаў гасцей з Беларусі, Польшчы і Літвы маляўнічымі тэатралізацыямі, дэгустацыямі страў нацыянальных прыгранічных кухань, кінапаказамі, арыгінальнымі спартыўнымі спаборніцтвамі.
У рамках свята-2017 упершыню прайшоў рэгіянальны фестываль "Скарбы Гродзеншчыны". Аўтэнтычныя інтэрактыў-пляцоўкі здзіўлялі спаборніцтвамі па бегу на скорасць з каромысламі, валоданні вілкамі і меткасці пападання па гаршчку. Тут жа размясціліся фуд-корты з беларускай кухняй, каб удзельнікі маглі падмацавацца перад танцавальным open air у суправаджэнні вядомых фолк-груп.
Акрамя таго, адраджаючы традыцыі беларуска-польска-літоўскага прыгранічча, на Аўгустоўскім канале адзначылі дзень трох народаў міжнародным дабрачынным велапрабегам. Прыняць удзел мог любы жадаючы, у тым ліку і замежныя госці, якія скарысталіся бязвізавым рэжымам на тэрыторыі парку канала і з задавальненнем далучыліся да акцыі. Больш за 400 чалавек з 20 краін – міністры, дыпламаты, кіраўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, турысты – пераадолелі 18-кіламетровую дыстанцыю па самых маляўнічых мясцінах Аўгустоўскага канала. Акрамя велапрабегу, госці маглі далучыцца да сплаву на байдарках і спаборніцтваў па скандынаўскай хадзьбе.