Першыя выхадныя жніўня старажытны Мсціслаў сустракаў гасцей атмасферай Сярэднявечча – рыцарскага і ваяўнічага, незвычайна каларытнага, нават таямнічага. На дзясятае, юбілейнае, свята сярэдневяковай культуры "Рыцарскі фэст. Мсціслаў" прыехалі амаль 300 воінаў і іх дам з 39 клубаў гістарычнай рэканструкцыі, а таксама сотні гледачоў.
Па традыцыі, пачаўся фэст на галоўнай плошчы горада маляўнічым шэсцем клубаў, пасля якога дзейства перамясцілася на Замкавую гару. Дарэчы, менавіта дзякуючы рыцарскаму святу апошнія гады гэта гістарычнае месца стала ператварацца ў "крэпасць XII стагоддзя": выраслі сцены, вежы і княжацкі данжон-сімвал, даступны ўнікальны раскоп старажытнага гарадзішча.
На працягу ўсіх фестывальных дзён на Замкавай гары рыцары з розных гарадоў Беларусі і Расіі дэманстравалі конныя паядынкі, баі і бугурты, турніры лучнікаў і – самую масавую падзею фэсту – тэатралізаваную рэканструкцыю сярэдневяковай абароны горада. Гасцей свята вучылі аўтэнтычным танцам, здзіўлялі вогненным шоу, забаўлялі тэатральнымі паказамі і фолк-канцэртамі, частавалі сярэдневяковымі стравамі і напіткамі.
Арганізатарамі фэсту выступілі Мсціслаўскі раённы выканаўчы камітэт, Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна пры падтрымцы экстрым-тэатра "Берсерк".
Лепшыя кадры "Рыцарскага фэсту"-2017 – у рэпартажы з Мсціслава!