Легендарны і кожны раз здзіўляючы новымі праектамі "фестываль фестываляў" – "Славянскі базар у Віцебску" – ужо 26-ы раз урачыста адкрыўся ў горадзе над Дзвіной. Самая чаканая падзея года стартавала цырымоніяй падняцця сцяга з сімвалам фестывалю і, вядома, нязменна традыцыйным прывітаннем Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, Прэзідэнт асабіста ўручыў узнагароды: "Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення" – народнай артыстцы Грузіі і Расіі Тамары Гвердцытэлі, чыя імянная зорка адкрылася ў Віцебску, і Гран-пры юнай пераможцы дзіцячага конкурсу "Віцебск-2017" Марыі Магільнай. Госцем цырымоніі ў гэтым годзе стаў таксама Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон.
А далей святочны вечар прадоўжылі артысты – зорныя і пачаткоўцы, дарослыя і юныя, якія прадстаўляюць розныя жанры і стылі, а галоўнае, прыехалі з розных куткоў свету. Не дарэмна "Славянскі базар" – адзін з самых мультыкультурных: у гэтым годзе яго ўдзельнікамі сталі госці з 36 дзяржаў.