Унікальная страва, якая прызнана нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей рэспублікі, гатуюць у Глыбоцкім раёне. Традыцыя стварэння шыкоўнай і незвычайнай закускі "масляны баран" жыве дзякуючы Марыне Хрол з вёскі Мацюкова. Умелая гаспадыня і цяпер на вялікія святы падае на стол баранчыка з падсоленага свойскага сметанковага масла, узбітага ў маслабойцы. Гэтак радавалі свае сем'і незвычайнай закускай маці, бабуля, прабабуля Марыны Хрол.