На выступленні беларускіх барцоў грэка-рымскага стылю ў Рыа-2016 балельшчыкі ўскладалі асаблівыя надзеі. Традыцыі гэтага віду спорту ў нашай краіне моцныя і ў гісторыі было нямала гучных перамог, але з Лондана-2012 беларусы ўпершыню вярнуліся без медалёў, хоць адразу тры спартсмены дайшлі да малых фіналаў. Таму ад паядынкаў у Бразіліі чакалі рэваншу. І ён адбыўся! Бронзавы медаль прынёс барэц зборнай Беларусі – спартсмен з дагестанскімі каранямі Джавід Гамзатаў. У барацьбе за месца на п'едэстале ў вагавой катэгорыі да 85 кг ён перамог балгарына Мікалая Байракава (4:1).