Віртуознае выкананне праграмы практычна без памарак, прыгажосць і сабранасць у палёце, дакладныя і бяспечныя пазіцыі на сетцы батута і, зразумела, псіхалагічная вытрымка перад не менш моцнымі канкурэнтамі… На Гульнях у Рыа беларускі батутыст Уладзіслаў Ганчароў прадэманстраваў усё магчымае і даказаў: ён – чэмпіён!
На медалі Рыа-2016 прэтэндавалі тытулаваныя лідары сусветнага рэйтынгу: кітайцы Гаа Лей і Дун Дун, японец Масакі Іта, расіяне Дзмітрый Ушакоў і Андрэй Юдзін, і, зразумела, беларус Ганчароў… Пасля двух практыкаванняў кваліфікацыі Уладзіслаў заняў другое месца, і ў напружаным фінале вытрымаў – адпрацаваў бездакорна. У выніку, алімпійскі п'едэстал у скачках на батуце занялі прадстаўнікі дзвюх краін – Беларусі і Кітая: Уладзіслаў Ганчароў (золата), Дун Дун (серабро) і Гаа Лей (бронза).