Беларусь 19 сакавіка восьмы раз уключылася ў самую маштабную міжнародную экалагічную акцыю "Гадзіна Зямлі". У сталічным Мінску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах краіны роўна ў 20.30 пагасла падсветка грамадскіх будынкаў, гандлёвых цэнтраў, рэстаранаў і кафэ, універсітэтаў, а таксама асвятленне цэнтральных вуліц, гарадская і рэкламная ілюмінацыя. Многія жыхары Беларусі таксама падтрымалі ініцыятыву Сусветнага фонду дзікай прыроды, хаця б на адну вячэрнюю гадзіну выключыўшы святло і бытавыя электрапрыборы дома.
У Мінску найбольш "прыкметнымі" ўдзельнікамі акцыі сталі Нацыянальная бібліятэка, стэла "Мінск – горад-герой", Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, "Вароты горада" на Прывакзальнай плошчы і галоўныя праспекты сталіцы – Незалежнасці і Пераможцаў.
Упершыню пералік дэбютантаў сусветнага праекта ў 2016 годзе папоўнілі і знакамітыя беларускія славутасці са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – Мірскі замак і Нясвіжскі палац…