Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Уладзімір Мулявін і легендарныя "Песняры"

Уладзімір Мулявін і легендарныя "Песняры"

Уладзімір Мулявін і легендарныя
26 Стд 2016

Ён не нарадзіўся ў Беларусі, але стаў чалавекам, без якога беларускую музыку ХХ стагоддзя ўявіць немагчыма. Уладзімір Мулявін стварыў і праславіў у свеце самы вядомы ВІА Беларусі і СССР "Песняры", падарыў новае гучанне старадаўнім беларускім песням, а дзякуючы таленавітым аўтарскім мелодыям і аранжыроўкам іншых кампазітараў зрабіў знакамітымі вершы беларускіх паэтаў…

У калекцыі "Песняроў", афіцыйнай датай заснавання якіх лічыцца 1 верасня 1969 года – дзясяткі папулярных песень, оперы-прытчы, тэатралізаваныя канцэрты, узнагароды прэстыжных конкурсаў і сусветных фестываляў… У 1976 годзе "Песняры" першымі з савецкіх калектываў праехалі з гастролямі па ЗША. Беларускія артысты – са сваім фолк-рокавым гучаннем, самабытным рэпертуарам і тэкстамі, многія з якіх былі на беларускай мове – сталі любімцамі публікі і ньюсмейкерамі. У прэсе "Песняроў" параўноўвалі з The Beatles, і, кажуць, самі музыканты з ліверпульскай чацвёркі Джон Ленан, Пол Макартні і Джордж Харысан пахвальна адзываліся аб магутных галасах і стылістыцы беларускага бэнда…

На працягу дзесяцігоддзяў "Песняры", якія сталі музычнай візіткай краіны, аб'ядноўвалі яркіх вакалістаў і музыкантаў розных пакаленняў. У гісторыі калектыву ёсць і "зорныя склады", і "залатыя часы", і "легендарныя хіты". Часткай іміджу сталі арыгінальныя вобразы і касцюмы: доўгія плашчы з беларускімі арнаментамі, шляхецкія кунтушы, паясы… На 25-годдзе ансамбля Уладзімір Мулявін выйшаў на сцэну Летняга амфітэатра Віцебска ў аскетычным вобразе ратніка ў кальчузе – і спеў праніклівую "Малітву", створаную кампазітарам Алегам Молчанам на словы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

У маі 2002-га Уладзімір Мулявін трапіў у аўтакатастрофу і, атрымаўшы вельмі цяжкую траўму пазваночніка, больш як паўгода правёў практычна без руху. А 26 студзеня 2003-га – праз два тыдні пасля свайго дня нараджэння – пайшоў з жыцця. Але праз гады талент і творчую спадчыну Уладзіміра Мулявіна любяць і цэняць не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету.

Музыкант удастоены ганаровых званняў Беларусі, СССР і Польшчы, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. У Маскве на Алеі Зорак у 2001 годзе была закладзена зорка Уладзіміра Мулявіна, і менавіта стваральнік "Песняроў" стаў першым з беларускіх артыстаў, чыё імя – на жаль, пасмяротна – увекавечылі на Алеі зорак у сталіцы "Славянскага базару" Віцебску. У Мінску імем Уладзіміра Мулявіна названы гарадскі бульвар і створаны ў памяць аб ім Нацыянальны цэнтр музычных мастацтваў…

Юбілей Уладзіміра Мулявіна, якому 12 студзеня 2016-га споўнілася б 75 гадоў, стане ў Беларусі адной з ключавых падзей Года культуры. У гонар знакамітага песняра запланаваны шматлікія канцэрты, абнаўленне экспазіцыі музея Уладзіміра Мулявіна ў Белдзяржфілармоніі, стварэнне тэлепраграмы "Пакуль мы помнім" і перавыданне дапоўненай кнігі "У.Мулявін. Нота лёсу", вялікі трыб'ют-канцэрт, тэатральная пастаноўка і выстаўка на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"…

У нашай галерэі – архіўныя фотакадры з творчага жыцця Уладзіміра Мулявіна і "Песняроў", самыя знакамітыя хіты і цікавыя факты.

Уладзімір Мулявін
Кніга "Нота лёсу", прысвечаная творчасці Уладзіміра Мулявіна. 2004 год
Уладзімір Мулявін і ансамбль "Песняры"
Уладзімір Мулявін
Помнік Уладзіміру Муоявіну на Маскоўскіх могілках у Мінску
Папярэдняя       1 2 3 4 5      Наступная