Сёння ў Беларусі і прадстаўніцтвах краіны за мяжой больш за шэсць тысяч выбарчых участкаў адкрыліся для датэрміновага галасавання. Гэта форма ўдзелу ў электаральнай кампаніі – распаўсюджаная ў розных краінах свету – запатрабавана і сярод беларусаў. Аддаць свой голас на выбарах можна толькі асабіста, таму датэрміновае галасаванне дае магчымасць не толькі скарыстацца правам выбаршчыка, але і выбраць найбольш зручны час, калі няма магчымасці наведаць участак у асноўны дзень выбараў.
На працягу пяці дзён датэрміновага галасавання выбарчыя ўчасткі ў краіне і за мяжой працуюць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Каб атрымаць бюлетэнь, грамадзяніну трэба прад'явіць пашпарт або, у выпадку яго адсутнасці, іншы дакумент, які засведчвае асобу. Гэта можа быць афіцыйная даведка аб страце пашпарта, ваенны білет для ваеннаслужачых тэрміновай службы, пасведчанне дзяржслужачага, студэнцкі білет, пенсійнае пасведчанне з фатаграфіяй або вадзіцельскія правы.
Галасаваць у Беларусі – датэрмінова або ў асноўны дзень выбараў – можна толькі па месцы рэгістрацыі: адмацавальных талонаў не прадугледжана, гэта і з'яўляецца гарантыяй, што выбаршчык не прагаласуе двойчы.
Завершыцца датэрміновае галасаванне 10 кастрычніка. Асноўны дзень прэзідэнцкіх выбараў-2015 – 11 кастрычніка.