На аднайменным прадпрыемстве ў старажытным Слуцку, дзе некалькі гадоў таму была адроджана тэхналогія вытворчасці знакамітых паясоў XVI–XVII стагоддзяў, створаны адзіны ў краіне музей, прысвечаны шэдэўрам нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут можна азнаёміцца з гісторыяй слуцкіх паясоў, убачыць дакладныя копіі, рэканструяваныя на сучасным абсталяванні, паназіраць за ручной работай умелых ткачоў.
У красавіку 2014 года першы слуцкі пояс, сатканы па эксклюзіўнай тэхналогіі, быў падораны Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Экзэмпляр, які сведчыць аб фактычным адраджэнні ў краіне вытворчасці нацыянальных рэліквій, захоўваецца ў Палацы Незалежнасці.