Ужо многія гады Беларусь уваходзіць у топ краін-лідараў сусветнага фрыстайла. Сярод зорных спартсменаў – алімпійскія чэмпіёны і прызёры Аляксей Грышын, Дзмітрый Дашчынскі, Ала Цупер, Антон Кушнір, маладыя майстры Дзяніс Осіпаў, Максім Гусцік, Станіслаў Гладчанка, Ганна Гуськова, Александра Раманоўская. Міжнародную славу заваяваў выдатны настаўнік – галоўны трэнер зборнай Беларусі Мікалай Казека. Нараўне з гучнымі перамогамі паветраных акрабатаў з Беларусі яшчэ адной знакавай падзеяй у гісторыі гэтага відовішчнага і вельмі складанага віду спорту стала стварэнне ў Мінску ўнікальнага Цэнтра фрыстайла.
Крыты комплекс, які не мае аналагаў у свеце, адкрыўся ў красавіку 2015 года. Пад яго шкляным купалам аб'ядналіся вучэбна-трэніровачны цэнтр па фрыстайле для скачкоў з прызямленнем на ваду, спартыўна-аздараўленчая аквазона, лазнева-тэрмальны комплекс, фітнес-цэнтр і зона адпачынку, якія могуць адначасова прыняць каля 200 спартсменаў і 500-600 гасцей. Акрамя таго, трыбуны комплексу разлічаны на тры тысячы гледачоў.
У новым Цэнтры фрыстайла створаны выключныя ўмовы для трэніровак і спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню па фрыстайле, скачках у ваду і сінхронным плаванні. Адточваць майстэрства спартсмены могуць круглы год незалежна ад надвор'я: для іх створаны басейн са спецыяльным цеплавым рэжымам і "паветранай падушкай" для мяккага ўваходжання ў ваду, трампліны для адзіночных, двайных і трайных сальта, вышкі для скачкоў. Галоўны трамплін са спецыяльным палімерным пакрыццём, якое змочваецца вадой, спраектаваны беларускімі інжынерамі з улікам самых перадавых сусветных тэхналогій. Дарэчы, першае сальта пасля адкрыцця комплексу на ім зрабіў уладальнік алімпійскіх медалёў (сярэбранага і бронзавага) Дзмітрый Дашчынскі. Прадугледжаны таксама ліфт для хуткай дастаўкі спартсменаў да месца старту...