На сустрэчы ў аэрапорце Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Настасся Дубарэзава і Надзея Пісарава з задавальненнем фатаграфаваліся з паклоннікамі і адказвалі на пытанні журналістаў.
Спачатку Дар'я не забыла пра вясёлы першакрасавіцкі жарт, але прадоўжыла сур'ёзна:
– Планы? Хочам з дзяўчатамі на Алімпіядзе ў Рыа выступіць. У сінхронным плаванні. Думаю, у нас атрымаецца. Цяпер вось толькі на мора злётаем, патрэніруемся, а потым будзем адпрацоўваць каманднае ўзаемадзеянне...
– Я задаволена фінішам сезона. Але пры гэтым у ім было шмат такіх момантаў, якія даводзілася неяк пераадольваць. Напрыклад, праблемы з падрыхтоўкай лыж. На вельмі многіх гонках даводзілася сцяўшы зубы літаральна змагацца з дыстанцыяй.
– Што адчула, калі атрымала глобус? Што важна ставіць мэты і ісці да іх нягледзячы на складанасці. Вы ж бачылі: са мной у гэтым сезоне столькі ўсяго здаралася, што можна было ўжо не раз апусціць рукі і здацца. Але я ішла да сваёй мэты і перамагла!