Рэкордную колькасць заявак – 2087 з 107 краін – атрымала дырэкцыя вядучага кінафоруму Беларусі і аднаго з буйнейшых у Еўропе. Не паспеўшы пачацца, 29-ы Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" прыкаваў увагу крытыкаў і гледачоў. Афіцыйна ён стартаваў 17 лістапада ў сталічным "Доме кіно", аб'яднаўшы ўдзельнікаў і гасцей пад слоганам "Ствараем будучыню". Адкрыла праграму ММКФ-2023 маладзёжная камедыя "Кіношнікі" беларускага рэжысёра Кірыла Халецкага.
Адным з акцэнтаў сёлетняга кінафоруму з'яўляецца 100-годдзе беларускага кінематографа. Да юбілейнай даты прымеркаваны майстар-класы, творчыя сустрэчы з вядомымі прадзюсарамі, рэжысёрамі і акцёрамі, а таксама рэтраспектывы. Напрыклад, аматарам савецкай класікі пакажуць знакамітыя карціны"Я крочу па Маскве", "Сардэчна запрашаем, або Пабочным асобам уваход забаронены", "Міміно", "Сцеражыся аўтамабіля", "Кін-дза-дза".
Прыемным новаўвядзеннем стала адзінае адкрыццё кінафестывалю па ўсёй краіне: з урачыстай цырымоніяй у Мінску фестывальная праграма пачалася ў больш як 80 кінатэатрах Беларусі. Ганаровымі гасцямі адкрыцця ў сталічным "Доме кіно" сталі расійскі прадзюсар Ігар Угольнікаў (ён жа старшыня журы), расійскі кіназнавец Аляксандр Семянюк, госці з Кітая, Сербіі і іншых краін свету.
Несумненна, ММКФ-2023 абяцае шмат цікавага! Яшчэ да афіцыйнай цырымоніі стартаваў конкурс фільмаў для дзяцей і юнацтва "Лістападзік", які аб'яднаў 8 разнажанравых работ. "Кіно маладых" прадстаўлена 4 карцінамі, на конкурс анімацыі адабрана 36 фільмаў з 15 краін, а ў праграме неігравога кіно – 14 фільмаў з 7 краін. У рамкахпазаконкурснай праграмы адбудуцца Дні казахскага, расійскага, пакістанскага і сірыйскага кіно.
Госці ММКФ "Лістапад-2023" убачаць перспектывуразвіцця сусветнага кінематографа, здзейсніўшы падарожжа па нацыянальных школах. Галоўнае, што аб'ядноўвае прадстаўленыя карціны, – праблематыка. Паводле слоў мастацкага кіраўніка Тэатра-студыі кінаакцёра, народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава, "Лістапад" становіцца фестывалем кіно, якое робіцца для гледача і гаворыць пра людзей.