Фінал ХIII Нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь - 2023" адбыўся 8 верасня ўсталічнымПалацыспорту. Паглядзець на яркае відовішчнае дзейства і, вядома, падтрымаць прэтэндэнтак на карону з розных рэгіёнаў краіны прыбылі тысячы чалавек. Сярод гледачоў на трыбунах прысутнічаў і кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
За тытул "Міс Беларусь" у фінале змагаліся 24 дзяўчыны. Вызначалася з выбарам лепшай кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі тэлевядучая Паліна Шуба, галоўны балетмайстар Вялікага тэатра оперы і балета Ігар Колб, кіраўнік Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэна Ярэміч, беларускі аўтагоншчык Сяргей Вязовіч, першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў, дырэктар прадстаўніцтва МТРК "Мір" у Беларусі Вольга Шпілеўская.
Уладальніцай тытула "Міс Беларусь 2023" стала Элеанора Качалоўская. Дзяўчыне 23 гады, яна працуе менеджарам у мадэльным агенцтве ў Нацыянальнай школе прыгажосці. "Жыццёвы дэвіз – "Не праходзь міма". Менавіта так у доме Элеаноры з'явіўся яе лепшы сябар, шчаня па імені Тыгр, якога яна падабрала на вуліцы", - гаварылася ў конкурснай візітцы дзяўчыны.
За перамогу ў конкурсе яна атрымала ў падарунак грашовы прыз, ювелірнае ўпрыгажэнне, аўтамабіль Geely і яшчэ нечаканы падарунак ад Міністэрства інфармацыі – збор твораў Янкі Купалы. Справа ў тым, што ў час фіналу дзяўчаты адказвалі на пытанні вядомых беларускіх жанчын. Артыстка тэатра Янкі Купалы спытала Элеанору, хто аўтар п'есы "Паўлінка". Але дзяўчына, разгубіўшыся ад хвалявання, адказаць не змагла.