Выстава жывапісу Мацвея Басава "Прастора любові і святла" адкрылася 10 ліпеня ў філіяле Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва – Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Мацвей Басаў – патомны мастак, яго бацька і дзядзька былі вядомымі мастакамі са старажытнага беларускага горада Мсціслава.
У 1964 годзе ён атрымаў першы медаль на міжнародным конкурсе дзіцячай выяўленчай творчасці ў Італіі і з таго часу дорыць людзям свой незвычайны і яркі талент мастака. Мацвей Басаў – член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь. Яго работы можна ўбачыць у музеях і карцінных галерэях, прыватных калекцыях Нью-Ёрка, Вашынгтона, Чыкага і Сан-Францыска. На выставе прадстаўлены работы розных гадоў– пачынаючы з 1989-га і заканчваючы новымі карцінамі, напісанымі напярэдадні гэтага фестывалю.