Міжнародны форум ТІБО-2023 стартаваў 18 красавіка ў Мінску.
Форум ТІБО – унікальная пляцоўка для абмену перадавым вопытам у сферы інфармацыйных тэхналогій, аналізу лепшых сусветных практык лічбавай трансфармацыі і абмеркавання перспектыў эфектыўнага выкарыстання найноўшых тэхналагічных трэндаў у традыцыйных галінах эканомікі. На працягу чатырох дзён дзяржаўныя арганізацыі і прыватныя кампаніі будуць прадстаўляць свае распрацоўкі і тэхналогіі на пляцоўцы "Мінск-Арэны".
Напрыклад, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадставіць больш за 50 распрацовак і тэхналогій.
Адукацыйная галіна будзе прадстаўлена больш як 20 навучальнымі ўстановамі. На "адукацыйнай алеі" беларускія ВНУ і пяць навучальных устаноў з Расійскай Федэрацыі прадставяць свае адукацыйныя паслугі і магчымасці пры навучанні.
Адметнай асаблівасцю выставачнай часткі форуму стала цэнтральная экспазіцыя Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і дзяржорганаў "Гарады будучыні – разумныя гарады".
На выстаўцы таксама прадстаўлены калектыўныя экспазіцыі Мінсувязі, Мінадукацыі, Мінпрама, Мінэнерга, Міністэрства лічбавага развіцця Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Расатама, прадпрыемстваў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Ніжагародскай вобласці, Курскай вобласці, Мінскага гарадскога тэхнапарка, Нацыянальнай акадэміі навук, ДКНТ, электроннай гандлёвай пляцоўкі Саюзнай дзяржавы. Упершыню ў гэтым годзе ўдзельнікам выстаўкі з'яўляецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", уключаючы пяць яго рэзідэнтаў.
Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ТІБО-2023 прадоўжыцца па 21 красавіка. На выстаўцы прадукцыю і паслугі прадстаўляюць вядомыя вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, апаратных сродкаў і праграмнага забеспячэння, аператары мабільнай і фіксаванай сувязі, распрацоўшчыкі і пастаўшчыкі высокатэхналагічных прадуктаў, сістэм бяспекі, інтэлектуальных рашэнняў і сэрвісаў для масавага і карпаратыўнага сегмента, навуковыя і адукацыйныя ўстановы. На пляцоўцы "Мінск-Арэны" пройдуць III Форум "Лічбавая эканоміка", V Еўразійскі лічбавы форум і VI Беларускі ІКТ-саміт. Пройдуць і спадарожныя мерапрыемствы – Інтэрнэт-прэмія ТІБО, рэспубліканскі конкурс стартап-праектаў Belarus ICT Startup Award, нацыянальны адборачны этап VI Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні сярод школьнікаў, Мінскі адкрыты турнір па адукацыйнай робататэхніцы, Рэспубліканскі чэмпіянат па кіберспорце.