Экзатычная праграма стартавала 4 лютага ў Белдзяржцырку: на гэты раз з зімовага Мінска гледачы перанясуцца ў самае сэрца гарачага афрыканскага кантынента! Гасцям трэба будзе зрабіць падарожжа ў новыя краіны, пазнаёміцца з карэннымі жыхарамі, даведацца аб іх талентах, здольнасцях, захапленнях і асаблівасцях жыцця ў гарачым клімаце. Выканаўцы праграмных нумароў - пераможцы прэстыжных цыркавых фестываляў і конкурсаў у Монтэ-Карла (Манака), Іспаніі, Францыі, краінах Лацінскай Амерыкі. У шоу "Рытмы Афрыкі" на мінскі манеж выйдуць акрабаты на вярблюдах, паветраныя гімнасты на мачце і рамянях, жанглёры, акрабаты ў кольцах, клоўны, а таксама стракатыя папугаі, дрэсіраваныя буйвалы... і нават мядзведзь!