У гэтым годзе Беларусь адзначае 140-годдзе з дня нараджэння першага народнага паэта – Янкі Купалы. Пранікнёны лірык, драматург, публіцыст, перакладчык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Акадэміі навук Украіны – ён стаў сапраўды выдатнай асобай у нацыянальнай літаратуры, культуры, гісторыі. У купальскую ноч 7 ліпеня 1882 года ў вёсцы Вязынка на Міншчыне з'явіўся на свет Іван Луцэвіч, якога праз гады назвалі песняром беларускай зямлі.
Ён узняў беларускае мастацкае слова на небывалую вышыню, а яго творчасць стала сапраўднай энцыклапедыяй жыцця народа. Паэзія Янкі Купалы – гэта паэзія пачуццяў, эмоцый, глыбокіх роздумаў і перажыванняў. У розны час, у залежнасці ад абставін, ён станавіўся то паэтам-грамадзянінам, то прарокам, то філосафам. Як ніхто з беларускіх літаратараў, Купала садзейнічаў фарміраванню тэхнікі вершаскладання, прыўнёс свае рытмы, інтанацыі, вызначыў шляхі, па якіх развіваецца і сучасная беларуская паэзія.
Праграма, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, уключыла мноства разнастайных праектаў па ўсёй краіне і стартавала яшчэ зімой. Напрыклад, 21 лютага больш за 1000 чалавек, у тым ліку школьнікі, студэнты, замежныя навучэнцы, напісалі "Купалаўскую дыктоўку" ў Гродне.
У год юбілею традыцыйныя "Купальскія дні", якія арганізуе Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы, прайшлі з асаблівым размахам. Яны ахапілі, вядома ж, усе галоўныя купалаўскія мясціны – імянны музей у Мінску, мемарыяльны запаведнік "Ляўкі" ў Аршанскім раёне, сталічны парк Янкі Купалы. А завяршыліся вялікім святам 9 ліпеня ў мемарыяльным запаведніку "Вязынка" (Маладзечанскі раён), дзе ўжо 50-ы раз адбыўся Рэспубліканскі фестываль паэзіі, песні і народных промыслаў "З адною думкаю аб шчасці Беларусі…".
Да памятнай даты адкрыліся ўнікальныя выставы, прысвечаныя жыццёваму шляху і творчасці беларускага паэта, якія яшчэ можна паспець наведаць:
Ушанавалі памяць першага народнага паэта Беларусі і замежныя прыхільнікі яго таленту. У музеі Янкі Купалы ў вёсцы Пячышчы ў Татарстанеадкрылі абноўленую мемарыяльную дошку. А ў пасёлку Копысь Аршанскага раёна з'явіўся бюст песняра аўтарства кітайскага скульптара У Вэйшаня, які стаў падарункам пасольства КНР у Беларусі.