Беларускі біятланіст Антон Смольскі 8 лютага стаў сярэбраным прызёрам Алімпіяды ў індывідуальнай гонцы на 20 км з чатырма агнявымі рубяжамі. Гэта першы медаль Беларусі на Гульнях у Пекіне, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Лідар беларускай мужчынскай каманды Антон Смольскі, які стартаваў 28-м, выдатна адпрацаваў на стрэльбішчы, не дапусціўшы ніводнага промаху, і паказаў час 49 мін. 02,2 сек. У выніку яго апярэдзіў толькі французскі біятланіст Кентэн Фіён Мае, які пры дзвюх штрафных мінутах прайшоў дыстанцыю за 48 мін. 47,4 сек. Уладальнікам бронзы стаў нарвежац Ёханес Бё (+31,1 сек.; 2).
Гэта першы алімпійскі медаль для мужчынскай зборнай Беларусі з 2010 года. У Ванкуверы-2010 Сяргей Новікаў таксама заняў другое месца ў індывідуальнай гонцы, падзяліўшы серабро з легендарным нарвежцам Оле-Эйнарам Б'ёрндаленам.