Першыя снежаньскія дні парадавалі Беларусь сапраўды зімовым надвор'ем – снежныя пейзажы, марознае ранішняе паветра і пазацярушаныя вуліцы амаль адначасова нагадалі: набліжаюцца самыя доўгачаканыя і любімыя святы года!
Гэта значыць, усё наўкол ахутвае атмасфера чараўніцтва. Вуліцы гарадоў і гандлёвыя цэнтры апранаюцца ў святочнае ўбранне, адкрываюцца калядныя кірмашы, а 2 снежня ў цэнтры Мінска – на Кастрычніцкай плошчы – размясцілася галоўная зялёная прыгажуня краіны. Вышыня навагодняй ёлкі дасягае 33 метры, а яе пушыстыя галінкі ўпрыгожылі 4,5 тысячы цацак і больш за кіламетр гірлянд, якія зусім хутка заззяюць у вячэрні час.
Здзівілі гасцей і дэкаратары аднаго са сталічных гандлёвых цэнтраў, стварыўшы пад дахам "часцінку найстарэйшага запаведніка Еўропы" – Белавежскай пушчы. Снежнае покрыва пад нагамі, лунаючыя елкі над галавой і, вядома, звяры Белавежжа разам са знакамітым зубром – атрымалася сапраўды чароўна! Тым часам у сапраўднай пушчы, дзе жыве галоўны Дзед Мароз Беларусі, таксама ўсё гатова да Новага года: гэтымі днямі сюды прыехала Снягурачка і адбылася цырымонія запальвання святочных агнёў. Па дарозе ў старажытны лес, варта завітаць і на калядны кірмаш у Брэсце, дзе частуюць духмянай гарбатай з самага вялікага самавара краіны.
Гартайце наш рэпартаж, глядзіце, як Беларусь рыхтуецца да свят – і мы падзелімся з вамі ўрачыстым настроем.