"Я не жыў з табой, але не было маёй карціны, якая не дыхала б тваім духам і адлюстраваннем. Я цябе цалаваў усімі фарбамі і штрыхамі…" Менавіта так знакаміты мастак-авангардыст ХХ стагоддзя Марк Шагал звяртаўся да роднага горада пасля перыяду эміграцыі. У 1920-м ён пакінуў Віцебск і больш не вяртаўся, часта баючыся не ўбачыць яго такім, якім занатавалі фарбы сэрца. І горад адплаціў маэстра вернасцю: з 23 верасня 1991 года ў Віцебску працуе музей, куды штогод на сустрэчу з мастацтвам Марка Шагала прыязджаюць тысячы турыстаў. Гэтай восенню Дом-музей і Арт-цэнтр пры ім адзначаюць 30-годдзе і запрашаюць наведаць не толькі пастаянную экспазіцыю, але і асаблівыя мерапрыемствы, азнаёміцца з новымі праектамі…
Пытанне аб адкрыцці ў Віцебску музея слаўнага ўраджэнца Марка Шагала ініцыявала мясцовая інтэлігенцыя ў 1970-я, аднак яго разгляд у савецкі час зацягнуўся. Свой уклад у вырашэнне ўнеслі найвялікшыя розумы і таленты эпохі, у тым ліку акадэмік Дзмітрый Ліхачоў, паэты Андрэй Вазнясенскі, Роберт Раждзественскі, Бэла Ахмадуліна… Музей размясціўся ў доме №11 на вуліцы Пакроўскай горада Віцебска. І гэта менавіта той дом, які ў 1900 годзе пабудаваў бацька Марка Шагала і дзе правёў свае дзіцячыя гады будучы вялікі мастак.
З гэтага моманту пачалася новая гісторыя – прызнання (музей не раз наведвалі спадкаемніцы мастака ўнучкі Бэла і Мерэт Меер і афіцыйна дазволілі выкарыстоўваць у назве яго імя), а таксама папаўнення калекцыі экспанатамі. Многія з іх – палотны, кнігі, старадаўнія прадметы XIX стагоддзя – дарылі самі віцябчане і замежныя, часам нават ананімныя, сябры музея. Яны збіралі прадметы з гісторыяй з антыкварных крам Санкт-Пецярбурга і Масквы, Германіі, Нідэрландаў, якія дапамаглі аднавіць побыт яўрэйскай сям'і з сярэднім дастаткам.
Сёння ў фондах музея захоўваецца 8,5 тысячы экспанатаў, а дом-музей Марка Шагала на Пакроўскай стаў адной з самых наведвальных выдатных мясцін Віцебска. Тут захоўваюцца друкаваныя выданні з бібліятэкі калекцыянера-мецэната Генрыха Мандэля – каталогі, кнігі, графічныя лісты пачатку XX стагоддзя, а таксама 1,5 тысячы твораў майстра, сярод якіх каля 300 графічных работ, падораных Генрыхам Мандэлем, дачкой Ідай, а таксама ўнучкамі Марка Шагала – Бэлай і Мерэт Меер. Акрамя таго, бадай што, толькі ў Віцебску можна ўбачыць каля 200 палоцен мастакоў еўрапейскага авангарда.
У 2022 годзе музей будзе адзначаць юбілейную дату – 135-годдзе з дня нараджэння Марка Шагала. Чакаецца, што адбудуцца самыя значныя мерапрыемствы, у тым ліку Шагалаўскія чытанні, пленэр мастакоў-авангардыстаў, навукова-практычная канферэнцыя і эксклюзіўная выстава ў Арт-цэнтры пры садзейнічанні аднаго з буйнейшых у свеце калекцыянераў графічных работ Марка Шагала.