Беларускі барэц вольнага стылю Магамедхабіб Кадзімагамедаў заваяваў сярэбраны алімпійскі медаль. У паядынку за чэмпіёнскі тытул у вагавой катэгорыі 74 кг Кадзімагамедаў уступіў расіяніну Заўрбеку Сідакаву.
У першыя мінуты вырашальнай схваткі барцы не парадавалі вялікай колькасцю тэхнічных дзеянняў. У выніку суддзі палічылі, што расіянін быў больш актыўны, і беларускі спартсмен аказаўся ў ролі слабейшага – 0:1. У другой палавіне паядынку знакаміты расіянін умацаваў сваю перавагу. Спробы Магамедхабіба Кадзімагамедава змяніць сітуацыю поспеху не прынеслі – 7:0 на карысць расіяніна. Бронзавыя ўзнагароды ў гэтай вагавой катэгорыі выйгралі амерыканец Кайл Дэйк і ўзбекскі "вольнік" Бекзот Абдурахмонаў.
"Цікава было пазмагацца супраць такіх зорак сусветнай вольнай барацьбы, як Кайл Дэйк і Франк Чаміза. І ўжо тым больш у іх выйграць. Цяпер трэба паглядзець, што было не так у фінале, і папрацаваць над памылкамі. Званне алімпійскага чэмпіёна для мяне - вяршыня ў спорце. Наперадзе Гульні ў Парыжы, будзем старацца", - адзначыў сярэбраны прызёр.