Этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы BSB Bank адбыўся 3-4 ліпеня ў сталічным спарткомплексе "Мінск-Арэна". Спаборніцтвы ў Мінску сталі для многіх спартсменак апошняй спробай сіл напярэдадні Алімпіяды ў Токіа. За ўзнагароды турніру спаборнічалі гімнасткі з 13 краін. У іх ліку спартсменкі з Расіі, Ізраіля, Балгарыі, Украіны і Японіі, якія знаходзяцца ў групе лідараў на самых прэстыжных спаборніцтвах.
Да золата і бронзы Аліны Гарнасько і Настассі Салас у мнагабор'і, выйграных у першы дзень турніру, дабавіліся яшчэ шэсць узнагарод за фіналы ў асобных відах. Унеслі сваю медальную лепту ў гэты поспех і прадстаўніцы каманды ў групавых практыкаваннях.
Трыумфатарам заключнага дня турніру ў Мінску стала Аліна Гарнасько, якая заваявала тры залатыя медалі. У практыкаваннях з абручом яна зарабіла ацэнку 27,700 балаў. Другое месца заняла яшчэ адна беларуская спартсменка Настасся Салас – 27,400 балаў. Бронза ў расіянкі Лалы Крамарэнка - 26,650 балаў.
У практыкаваннях з мячом Аліна Гарнасько зноў была недасягальная для саперніц – 28,600 балаў. Серабро ў расіянкі Лалы Крамарэнка – 27,100 балаў. У Настассі Салас бронза (26,250 балаў). Акрамя таго, мінчанка лепш за канкурэнтак справілася з булавамі – 27,500 балаў. Лала Крамарэнка заваявала серабро (26,800 балаў), а ізраільцянка Ніколь Зелікман – бронзу (26,150).
На здымку: Настасся Салас (Беларусь)