Добрая вестка аб цудоўным Уваскрэсенні Збавіцеля зноў абляцела праваслаўны свет. Светлае свята Вялікадня 2 мая сустрэлі і беларускія вернікі. На працягу Перадвелікоднага тыдня, які пачаўся пасля Вербнай нядзелі, людзі прыгадвалі аб апошніх днях жыцця Хрыста, рыхтуючыся да вялікай перамогі, якая сведчыць пра збавенне чалавецтва ад грахоў, пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба, ад тленнага і пякельнага – да дабратворнай вечнасці. Увесь дзень у суботу тысячы вернікаў наведвалі цэрквы, каб асвяціць велікодную трапезу, а ўвечары ў кожным праваслаўным храме краіны пачалося богаслужэнне, што па традыцыі доўжылася ўсю ноч.
Урачыстасці Светлага Уваскрэсення Хрыстовага папярэднічала дзівосная з'ява: у суботуў храме Гроба Гасподняга ў Іерусаліме сышоў Жыватворны агонь, які самалётам даставілі ў 11 краін свету, у тым ліку і ў Беларусь. У сувязі з павышанымі мерамі бяспекі замест дзясяткаў тысяч паломнікаў, якія традыцыйна прыязджаюць у хрысціянскую святыню, на цырымонію дапусцілі журналістаў і прадстаўнікоў надзвычайных службаў.
У 23.40 – да пачатку ўрачыстай літургіі – Жыватворны агонь прывезлі з Нацыянальнага аэрапорта Мінск у Святадухаўскі кафедральны сабор. Велікоднае богаслужэнне з 1 на 2 мая ў галоўным праваслаўным храме сталіцы ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У звароце да вернікаў уладыка адзначыў: "Любоў да чалавека, да ўсіх нас, пабудзіла Госпада нарадзіцца на Зямлі, а затым пакутаваць на Крыжы. Гэта любоў аб'ядноўвае ўсіх нас і прымушае прытрымлівацца прыкладу Хрыста. Паводле слоў Свяшчэннага Пісання, гэта любоў не павінна ніколі згаснуць". Ён пажадаў беларусам, "каб велікодная радасць напаўняла іх сэрцы, іх семі'і і ўсё наша грамадства, натхняла на ўсё самае добрае і карыснае"…
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Вялікдзень наведаў Кафедральны сабор свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх у горадзе Тураве Жыткавіцкага раёна. Ён запаліў свечку каля абраза Уваскрэсення Хрыстовага, паразмаўляў з вернікамі, якія прыйшлі ў храм. Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар храму ўзноўленую святыню – напрастольны Тураўскі крыж, страчаны пасля землетрасення ў XIII стагоддзі. У сваю чаргу Аляксандру Лукашэнку падарылі абраз свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх.
Праваслаўны Вялікдзень – у рэпартажы з розных куткоў Беларусі.