Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнцкія выбары-2025 у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | 35 гадоў аварыі на Чарнобыльскай АЭС: Беларусь смуткуе, памятае ўрокі, адраджае пацярпелыя тэрыторыі

35 гадоў аварыі на Чарнобыльскай АЭС: Беларусь смуткуе, памятае ўрокі, адраджае пацярпелыя тэрыторыі

35 гадоў аварыі на Чарнобыльскай АЭС: Беларусь смуткуе, памятае ўрокі, адраджае пацярпелыя тэрыторыі
26 Крс 2021

Гэты дзень не забыць... 26 красавіка 1986 года ў 01.24 адбылася адна з буйнейшых тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва - аварыя на Чарнобыльскай АЭС, размешчанай усяго за 16 км ад беларускай граніцы. Улічваючы, што ў 1980-я гэта была сама магутная ў Савецкім Саюзе атамная электрастанцыя, то наступствы выбуху на чацвёртым энергаблоку былі катастрафічнымі не толькі для Украіны, але і многіх краін Еўропы. У Беларусі па маштабах радыеактыўнага забруджвання і ўроне, нанесеным прыродзе, сельскай гаспарадцы і эканоміцы рэгіёнаў гэта стала нацыянальным экалагічным бедствам.

У выніку аварыі ў атмасферу быў выкінуты рэкордны спектр радыенуклідаў, сярод якіх – ёд-131 (перыяд паўраспаду 8 дзён), цэзій-134 (2 гады), стронцый-90 (28-29 гадоў). Асноўным з іх стаў элемент з самым доўгім перыядам паўраспаду – цэзій-137 (30 гадоў), і 35 працэнтаў (!) ад аб'ёму яго выкіду зафіксавана на поўдні Беларусі. Па ўзроўні забруджвання акрамя самай пацярпелай 30-кіламетровай зоны вакол станцыі, у сувязі з умовамі надвор'я ўтварыліся плямы. Паўночна-заходні след ахапіў паўднёвую і паўднёва-заходнюю часткі Гомельскай вобласці, цэнтральныя рэгіёны Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Трэцяя пляма знаходзілася на поўначы Гомельскай і цэнтральнай часткі Магілёўскай вобласці. З 3678 населеных пунктаў (2,2 млн чалавек) 479 знішчаны, адселена 137,7 тыс. чалавек, з якіх 75 працэнтаў – жыхары Гомельскай вобласці.

І сёння – праз 35 гадоў – Беларусь памятае аб тым страшным дні, які падзяліў гісторыю краіны і лёсы соцень тысяч жыхароў на "да" і "пасля" Чарнобыля. У нашы дні на заражаных тэрыторыях, дзе сканцэнтравана высокая актыўнасць радыенуклідаў, створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік – адзіны ў свеце такога профілю. Тут вучоныя атрымалі магчымасць даследаваць паводзіны радыенуклідаў, а таксама іх міграцыю ў экасістэмах. Дарэчы, пасля аварыі на Фукусіме ў 2011 годзе сюды для абмену вопытам прыязджалі і японскія спецыялісты.

Галоўным адносна пацярпелых тэрыторый (а гэта 19 раёнаў Гомельскай вобласці, 13 – Магілёўскай, 4 – Брэсцкай, 10 – Мінскай, 3 – Гродзенскай) застаецца пытанне іх аднаўлення. Для пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы. Затраты на іх з 1990 па 2020 год склалі каля $19,2 млрд у эквіваленце. Амаль 60 працэнтаў сродкаў за 2016-2020 гады накіраваны на сацабарону, медзабеспячэнне і аздараўленне пацярпелага насельніцтва. 22 сакавіка 2021 года ўрад зацвердзіў новую дзяржпраграму на 2021–2025 гады, мэтамі якой з'яўляюцца сацыяльная абарона насельніцтва, пацярпелага ад катастрофы на ЧАЭС, забеспячэнне патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі, паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё і адраджэнне забруджаных радыенуклідамі тэрыторый.

Да 35-й гадавіны катастрофы ў розных кутках Беларусі праходзяць памятныя мерапрыемствы. Стартавала сімвалічная эстафета з мітынгу-рэквіема, прысвечанага памяці пахаваных вёсак у выніку аварыі на ЧАЭС, які прайшоў 23 красавіка на Алеі памяці ў Слаўгарадзе. 26 красавіка ў Мінску на вуліцы Ігнаценкі ўспаміналі тых, хто першым прыняў самы жорсткі ўдар: а гэта персанал, і пажарныя, якіх называюць "шарэнгай нумар 1", – Віктар Кібянок, Уладзімір Правік, Мікалай Ціцянок, Уладзімір Цішура, Мікалай Вашчук, Васіль Ігнаценка... У гэты ж дзень кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка наведаўБрагін і ўсклаў кветкіда помніка ліквідатару аварыі на ЧАЭС – ураджэнцу вёскі Спярыжжа Брагінскага раёна Васілю Ігнаценку, узнагароджанаму 24 снежня 1986 года пасмяротна ордэнам Чырвонага Сцяга.

Таксама ў сталічным парку Дружбы народаў прадстаўнікі выканаўчай улады ўсклалі кветкі да памятных знакаў "Ахвярам Чарнобыля" і "Камень міру Хірасімы". У Хойніках прайшоў мітынг-рэквіем, удзельнікі якога ўсклалі вянкі і жывыя кветкі да помніка Смутку, а таксама высадзілі алею з 35 шарападобных вербаў у гонар кожнага года, што мінуў са дня катастрофы на ЧАЭС. У Магілёве больш за 300 чалавек, сярод якіх былі і ліквідатары (у краіне іх больш за 70 тысяч), ушанавалі памяць загінулых і пацярпелых ад выбуху на ЧАЭС, усклаўшы кветкі да помніка "Ахвярам Чарнобыля".

Падхапілі тэму 35-й гадавіны аварыі на ЧАЭС і творчыя аб'яднанні Беларусі. Так, 16 красавіка ў Гомелі адкрылася выстаўка "35 гадоў пад знакам Ч", дзе аўтары з розных рэгіёнаў краіны прадставілі чарнобыльскую храналогію - усяго тут каля 70 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З 26 красавіка ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-дакументальная экспазіцыя "Чарнобыль - 35...". А ў рамках праекта  "Пакінутая зямля", які стартаваў 26 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі, наведвальнікі могуць убачыць фатаграфіі флоры і фаўны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які з'яўляецца месцам пражывання рэдкіх і знікаючых відаў. Напярэдадні дня трагедыі – 25 красавіка – у Белдзяржфілармоніі выканалі твор мітрапаліта Іанафана (Ялецкіх) "Чарнобыльская літургія" - першы своеасаблівы духоўна-харавы твор, праваслаўны рэквіем у памяць аб загінулых героях-ліквідатарах атамнай аварыі ў 1986 годзе.

Выставачны праект "Пакінутая зямля" ў Нацыянальным гістарычным музеі
Выставачны праект "Пакінутая зямля" ў Нацыянальным гістарычным музеі
Папярэдняя       1 2 3