Абрад сустрэчы вясны – "Саракі", або "Сорак Святых", "Жаваранкі" – прыпадае амаль на час вясенняга раўнадзенства, калі "дзень з ноччу мераецца-раўняецца". Хрысціянская традыцыя звязвае яго з днём памяці Сарака пакутнікаў Севасційскіх, што прыпадае на 22 сакавіка. Адсюль і назва!
Менавіта ў гэтыя дні – паміж Грамніцамі і Дабравешчаннем – нашы продкі ўшаноўвалі памяць хрысціян, якія прынялі смерць у імя веры, і праводзілі надзвычай прыгожы абрад зазывання вясны. Здаўна лічыцца, што і птушкі-вешчуны самай натхняючай пары года – жаваранкі – цяпер вяртаюцца ў родны кут.
Жаваранкамі таксама называюць піражкі ў форме птушак, што выпякаюцца з прэснага цеста спецыяльна да свята. Гэтыя "птушкі", як і сапраўдныя жаваранкі, сімвалізуюць душы продкаў (пакутнікаў), якія прылятаюць вясной, каб адрадзіць жыццё прыроды, сагрэць зямлю сонечным святлом. І з даўніх часоў, падкідваючы піражкі ў паветра, людзі варажылі, якім будзе здароўе: чым вышэй узляцеў "жаваранак", тым мацнейшае здароўе будзе ў яго ўладальніка.
Акрамя таго, першага "жаваранка" заўсёды кідалі ў агонь – гэта ахвяра сонцу. Такімі піражкамі частавалі родных, сяброў, суседзяў, кармілі свойскую жывёлу. У некаторых раёнах Беларусі іх нават закопваюць у зямлю для добрага ўраджаю.
На "Саракі" прынята катацца на арэлях – гушкацца. Лічылася, чым вышэй разгайдаешся, тым вышэй вырасце лён.
І сёння прыгожыя традыцыі абраду беражліва захоўваюць і кожны год паўтараюць у розных рэгіёнах Беларусі.