Разам з праваслаўным Раством у Беларусь прыйшла сапраўдная снежная зіма, якую даўно чакалі. Яшчэ на Куццю замяло вуліцы Гродна, а ў святочны дзень снегапад накрыў практычна ўсю краіну. У Мінску за двое сутак выпала 42% месячнай нормы ападкаў - не менш як 23 сантыметры. А на метэастанцыі ў Барысаве зарэгістравалі вышыню снежнага покрыва 30 см!
Снежнае надвор'е падняло настрой аматарам зімовых відаў спорту, актыўнага адпачынку і забаў на адкрытым паветры. Адны аддалі перавагу забавам на бліжэйшых узгорках каля дома і ў гарадскіх парках, іншыя адправіліся заваёўваць вяршыні і трасы папулярных гарналыжных курортаў. Ажыятаж быў неверагодны: напрыклад, у "Сілічах" нават у начныя гадзіны стаялі чэргі за экіпіроўкай.
Безумоўна, не абышлося і без цяжкасцей. Снегапады часова парушылі энергазабеспячэнне соцень малых населеных пунктаў, а на дарогах справакавалі нямала ДТЗ. У гэтыя дні работы прыбавілася ў камунальных, дарожных і аварыйных службаў, якія былі аператыўна адпраўлены на расчыстку дарог і ўстараненне непаладак.
На бліжэйшыя тыдні сіноптыкі прагназуюць Беларусі не толькі шмат снегу, але і моцныя маразы: тэмпература складзе мінус 23-25 градусаў уначы і 13-15 ніжэй за нуль удзень. Чакаецца, што другая палова студзеня ў гэтым годзе будзе халаднейшай, чым звычайна, прыкладна на тры градусы (норма - мінус 3-6).
Цікава, што мінулы 2020-ы год у Беларусі афіцыйна прызнаны самым цёплым за апошнія 140 гадоў! А зімовы сезон 2019/2020 наогул названы анамальным, бо такой мяккай зімы на тэрыторыі Беларусі раней не адзначалася за ўсю гісторыю метэаназіранняў: сярэдняя тэмпература склала плюс 1,5, што вышэй за кліматычную норму на 5,5 градуса. Здаецца, студзень-2021 верне ўсё на свае месцы. І гэта добра, бо Беларусь вызначаецца тым, што тут можна выразна ўбачыць усе поры года - снежную марозную зіму, росквіт прыроды вясной, гарачае сонечнае лета і залаты лістапад восені. Будзем назіраць разам!
Самыя снежныя гісторыі студзеня-2021 - у галерэі з розных куткоў Беларусі.