Знакаміты музей у Ветцы – беларускім цэнтры стараверства – быў створаны на аснове асабістага збору выхадца з мясцовага роду, мастака і калекцыянера Фёдара Шклярава. Беларускія стараверы пакінулі багацейшую спадчыну – арыгінальныя абразы і цудоўныя рукапісныя кнігі з мініяцюрамі і арнаментам. У музеі прадстаўлена звыш 10 тысяч экспанатаў, якія расказваюць аб гісторыі і культуры стараверскай і праваслаўнай беларускай вёскі. Тут знаходзіцца адна з буйнейшых у Беларусі калекцый старадрукаваных і рукапісных кніг, сярод якіх і "Анфалагіён" – першая кіеўская кніга, выдадзеная ў 1619 годзе.