Футбалісты барысаўскага БАТЭ 20 мая перамаглі брэсцкае "Дынама" з лікам 3:1 у гасцявым паядынку 10-га тура чэмпіянату Беларусі, замацаваўшыся на першым месцы.
Першы тайм гульні ў Брэсце прайшоў з невялікай перавагай гасцей. Рэзультатам гэтага стаў гол Станіслава Драгуна, які на 31-й мінуце сустрэчы замкнуў верхавую падачу Ігара Стасевіча з вуглавога. Прапусціўшы мяч, брастаўчане сталі дзейнічаць больш актыўна, і праз восем мінут іх хуткая контратака завяршылася голам Арцёма Мілеўскага, якому асісціраваў Павел Савіцкі – 1:1.
Пасля перапынку гледачы ўбачылі адкрыты атакуючы футбол, у якім больш дасягнулі поспеху падапечныя Кірылы Альшэўскага. Праўда, на 72-й мінуце барысаўчане маглі апынуцца ў ролі даганяючых, але адзін з лідараў "Дынама" Павел Савіцкі не змог трапіць у вароты з вельмі выгаднай сітуацыі. А літаральна праз мінуту барысаўчане правялі хуткую контратаку, і экс-капітан брастаўчан Павел Няхайчык паразіў вароты сваіх былых аднаклубнікаў. Яшчэ праз сем мінут усе пытанні аб пераможцы зняў сербскі форвард БАТЭ Неманья Міліч, які забіў гол ударам з лініі штрафной плошчы дынамаўцаў.
У нядзелю, 24 мая, гэтыя сапернікі сустрэнуцца ў вырашальным паядынку розыгрышу Кубка Беларусі, які адбудзецца на полі мінскага стадыёна "Дынама".