У Гродне праўнуку франтавіка перадалі страчаны раней медаль "За адвагу". Урачыстая цырымонія прайшла 5 мая ў музеі ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці. Медаль выпадкова знайшлі ў Дзятлаўскім раёне. Ён быў не ў лепшым стане, аднак захаваўся нумар узнагароды. Дзякуючы яму ўстанавілі ўладальніка: ім аказаўся ўраджэнец Гродзенскай вобласці Мікалай Фаміч Манкевіч.
Ветэран вайны Мікалай Манкевіч памёр у пачатку 1990-х гадоў. Карпатлівая работа з архівамі, дакументамі дапамагла знайсці яго сваякоў. Яны па-ранейшаму жывуць на радзіме ветэрана ў Шчучынскім раёне. Узнагароду ўручылі праўнуку франтавіка Паўлу Івуцю.
На здымку: ваенны камісар Гродзенскай вобласці Вячаслаў Раманенка ўручае медаль праўнуку франтавіка Паўлу Івуцю