Каранавірус, які ўпершыню выяўлены ў канцы 2019-га і ўжо стаў галоўнай падзеяй 2020-га, прадаўжае змяняць жыцці людзей, краін, усяго свету. Ён агаляе праблемы і дэманструе дасягненні сістэм аховы здароўя, аказвае націск на эканоміку і палітыку, спараджае патокі як праўды, так і фэйкаў у медыя, паказвае сілу і слабасць грамадства і, вядома, кожнага канкрэтнага чалавека. Ацаніць маштабы ўздзеяння SARS-CoV-2 яшчэ трэба будзе ў далейшым. А цяпер кожная дзяржава, дзе выяўляюцца выпадкі заражэння, вядзе актыўную барацьбу, каб не дапусціць горшых сцэнарыяў і выйсці з найменшымі стратамі ва ўсіх сферах.
Пандэмія COVID-19 завершыцца – у гэтым няма сумнення. Важна знайсці самыя эфектыўныя, аптымальныя меры і без панікі прайсці гэты складаны час.
Беларусь не закрыла граніцы, не ўводзіла жорсткі каранцін, аднак з самых першых трывожных дзён прымае сур’ёзныя меры, каб процістаяць COVID-19. Яны выпрацоўваюцца ў адпаведнасці з прафесійнымі рэкамендацыямі спецыялістаў, СААЗ, і са змяненнем сітуацыі карэкціруюцца. Не выключаецца і магчымасць самых строгіх абмежаванняў.
Асабістая гігіена і выкарыстанне ўсіх даступных сродкаў аховы, сацыяльная дыстанцыя і адмова ад наведвання месцаў масавага скопішча людзей, пры неабходнасці самаізаляцыя, па магчымасці работа дыстанцыйная, навучанне анлайн, дапамога людзям з груп рызыкі, размежаванне патокаў пацыентаў у медустановах (бо акрамя вірусных інфекцый ёсць яшчэ мноства іншых захворванняў), грунтоўная дэзынфекцыя памяшканняў і грамадскага транспарту, строгі кантроль на граніцах і ў транспартных калідорах… Усё гэта накіравана на барацьбу з COVID-19 і панікай, якая не дапаможа вырашыць праблему.
Галоўнае, аб чым многія сёння ўспамінаюць або вучацца ўпершыню – не толькі старанна мыць рукі, але найперш уважліва ставіцца адзін да аднаго, не ствараць небяспекі і аказваць усебаковую падтрымку.
Аб гэтым – сюжэты з розных куткоў Беларусі.