Беларускія католікі і пратэстанты з мільёнамі вернікаў па ўсім свеце 12 красавіка адзначылі Светлае Хрыстова Уваскрэсенне. У гэтым годзе хрысціяне сустракалі вялікае свята, якое нясе людзям вестку аб выратаванні і надзею на вечнае жыццё, выконваючы небывалыя раней меры засцярогі з-за пандэміі каранавіруса.
Упершыню ў гісторыі Папа Рымскі сваю велікодную прамову Urbi et Orbi чытаў не з балкона сабора Святога Пятра перад запоўненай тысячамі прыхаджан плошчай Ватыкана, а ў амаль пустой зале храма ў прысутнасці толькі некалькіх дзясяткаў служыцеляў і гасцей. Так пантыфік падкрэсліў адзіноту, з якой сутыкаецца чалавецтва сярод забарон і каранціну. "Я думаю і малюся сёння ў першую чаргу аб тых, хто пацярпеў ад каранавіруса, аб хворых, памерлых і іх сваяках... Хрыстос, дай сіл і надзеі ўрачам і медперсаналу, усім, хто дэманструе любоў і клопат пра блізкага", – сказаў папа Францыск. І вядома, у прамым эфіры яго пачулі ва ўсіх краінах.
Урачыстыя службы ў беларускіх касцёлах таксама былі зменены дзеля бяспекі прыхаджан: у гэтыя дні многія вернікі прыйшлі ў храмы ў ахоўных масках, строга выконвалі правілы засцярогі.
Каб засцерагчы ад небяспекі людзей у велікодныя святы, на мінулым тыдні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да прыхаджан з просьбай "глядзець на стан свайго здароўя і захоўваць неабходную дыстанцыю ў час наведвання храма". І многія, асабліва пажылыя, прыхаджане прынялі рашэнне застацца дома, назіраючы за тым, што адбываецца ў касцёлах, у тэле- і анлайн-фармаце.
Навячэр'е Вялікадня ў Фарным касцёле Гродна правёў 11 красавіка біскуп Аляксандр Кашкевіч. У сталіцы галоўныя ўрачыстасці разгарнуліся ў Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Тут адбыліся хрэсны ход і богаслужэнне, якое па традыцыі ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У гэты дзень беларускія католікі накіравалі шчырыя малітвы аб здароўі родных і блізкіх, усяго народа і хутчэйшым вырашэнні трывожнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй.
Каталіцкі Вялікдзень-2020: асвячэнне ежы, шчырыя малітвы, святочныя набажэнствы і хрэсны ход па вуліцах Мінска – у фотагісторыі.