Футбалісты БАТЭ 25 ліпеня перамаглі нарвежскі "Русенборг" з лікам 2:1 у першым матчы 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў.
У гульні, што завяршылася на "Барысаў-Арэне", беларускі клуб больш эфектыўна выкарыстоўваў свае магчымасці. Лік у сустрэчы быў адкрыты ўжо на пятай мінуце, калі Ігар Стасевіч рэалізаваў пенальці. Капітан барысаўчан прадаўжаў заставацца найбольш прыкметным іграком на полі і стварыў для партнёраў яшчэ некалькі перспектыўных момантаў для ўзяцця варот. Шмат што змянілася на 25-й мінуце, калі нарвежцам удаўся розыгрыш вуглавога, пасля якога дакладны ўдар нанёс Андрэс Конрадсен – 1:1.
Пасля перапынку футбалісты БАТЭ прадоўжылі востра атакаваць, і на 52-й мінуце Максім Скавыш пасля перадачы Ігара Стасевіча ўдарам у адно дакрананне вывеў БАТЭ наперад – 2:1. Гэты лік у матчы не змяніўся да фінальнага свістка швейцарскага арбітра.
Нарвежскі "Русенборг" з'яўляецца 11-разовым удзельнікам групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Найбольш значных поспехаў у самым прэстыжным клубным турніры сапернік БАТЭ дабіваўся ў сярэдзіне і канцы 90-х.
Паядынак у адказ футбалістаў БАТЭ з нарвежскім чэмпіёнам адбудзецца 31 ліпеня ў Тронхейме.
У выпадку перамогі па суме дзвюх сустрэч над "Русенборгам" футбалісты БАТЭ ў трэцім раўндзе згуляюць з пераможцам пары "Марыбор" (Славенія) – АІК (Стакгольм, Швецыя).
Няўдачнік процістаяння чэмпіёнаў Беларусі і Нарвегіі пяройдзе ў другі па рангу кантынентальны турнір – Лігу Еўропы – і ў 3-м крузе кваліфікацыі згуляе з клубам "Сараева" з Босніі і Герцагавіны.