Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на Еўрапейскіх гульнях-2019 прайшлі ў абноўленым фармаце – "Дынамічная новая лёгкая атлетыка" (Dynamic New Athletics). 24 змешаныя каманды спаборнічалі ў звычайным і бар'ерным бегу, кіданні кап’я, скачках у даўжыню і вышыню, а таксама змешаных эстафетах. Турнір па лёгкай атлетыцы адбыўся на стадыёне "Дынама" 23–28 чэрвеня.
Сем медалёў – 3 залатыя і 4 сярэбраныя – заваявалі беларускія спартсмены.
Чэмпіёнамі II Еўрапейскіх гульняў сталі Эльвіра Герман (бег на 100 м з бар'ерамі), Максім Недасекаў (скачкі ў вышыню) і кідальніца кап’я Таццяна Халадовіч, якая разам з тытулам заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа-2020.
Сярэбраных медалёў былі ўдастоены Хрысціна Ціманоўская (бег на 100 метраў), Віталь Парахонька (бег на 110 м з бар'ерамі) і Настасся Мірончык-Іванова (скачкі ў даўжыню).
Акрамя таго, зборная Беларусі заняла другое месца ў камандным турніры.