Пасля яркай цырымоніі сустрэчы на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску агонь II Еўрапейскіх гульняў пачаў свой фінальны адрэзак шляху: да пачатку самай чаканай спартыўнай падзеі года засталося ўсяго некалькі дзён. Раніцай 18 чэрвеня старт эстафеты быў дадзены ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Адкрыла маршрут алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Надзея Скардзіна, якая перадала факел спеваку Дзмітрыю Калдуну. Па адным з самых прыгожых праспектаў Мінска прабеглі выканаўчы дырэктар Еўрапейскіх гульняў Сайман Клег, многія вядомыя артысты і спартсмены Беларусі, а таксама зорныя паслы Гульняў – дрэсіроўшчыкі Аскольд і Эдгард Запашныя. Прамежкавым пунктам падарожжа стала Кастрычніцкая плошча сталіцы, дзе адбылася ўрачыстая сустрэча "Полымя міру".
У заключныя дні эстафеты агонь II Еўрапейскіх гульняў пабывае на Мінскім заводзе колавых цягачоў, мінскіх аўтамабільным і трактарным заводах, у Парку высокіх тэхналогій, Батанічным садзе, а таксама ля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
А фінішным пунктам стане мінскі стадыён "Дынама", куды даставяць "Полымя міру" ў дзень урачыстай цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў – 21 чэрвеня.