Напярэдадні майскіх свят беларускі аўтагігант БЕЛАЗ – адзін з лідараў сусветнага рынку кар’ерных самазвалаў – прэзентаваў тэхніку, на якой устаноўлена пятае пакаленне сувязі.
На палігоне ў Жодзіне разгарнуліся тэставыя выпрабаванні першых беспілотных самазвалаў і пагрузчыка з сувяззю 5G. Інавацыйнай распрацоўкай беларускі прамысловы гігант зацікавіўся яшчэ тры гады таму, паколькі перавагі беспілотнікаў відавочныя: работы ў горным сектары з кожным годам становяцца больш складанымі, а глыбіня кар’ераў дасягае больш за 800 м. Пасля першых паспяховых выпрабаванняў самазвалаў-робатаў у Хакасіі завод вырашыў пайсці далей – развіваць тэхніку на платформе 5G з дапамогай кампаніі "Беларускія воблачныя тэхналогіі" (beСloud).
Для гіганцкіх машын спецыялісты інфраструктурнага аператара змаглі скараціць час водгуку абсталявання да 10 мілісекунд, што значна хутчэй, чым скорасць работы з 3G і 4G-тэхналогіямі, якія раней выкарыстоўваліся на БЕЛАЗе. У выніку самазвалы з "суперадчувальнасцю" могуць працаваць аўтаномна (у рэжыме робатаў, якія атрымалі задачу) або кіравацца аператарамі (адзін чалавек кантралюе 5–7 машын). Прычым аператар можа знаходзіцца, дзе хоча – у будынку побач, іншым горадзе, краіне і нават на іншым кантыненце. Калі доступ да інтэрнэту перарвецца, машына спыніцца, пакуль сувязь не наладзіцца. Усё гэта не толькі каласальная выгада пры эксплуатацыі тэхнікі 24/7 круглы год, але і магчымасць працаваць у самых шкодных умовах: пыл, дым і нават радыяцыя такім машынам не перашкода.
Інавацыйная распрацоўка платформы выкарыстання 5G ужо ў бліжэйшы час можа стаць прарыўной для ўсяго машынабудавання Беларусі і істотнай перавагай перад канкурэнтамі. Дарэчы, менавіта на такім неабходным у ХХI стагоддзі ўзаемадзеянні традыцыйнай прамысловасці і высокіх тэхналогій Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова рабіў акцэнт, у тым ліку і ў нядаўнім Пасланні беларускаму народу і парламенту.
Кадры з выпрабавальнага палігона БЕЛАЗ – у рэпартажы.