У Магілёве стартаваў ХIV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М.@rt. кантакт". Незадоўда да цырымоніі гледачы ўбачылі пастаноўкі "Гэта мы" незалежнага тэатральнага праекта (Беларусь – Украіна) і "За крапівой бераг" Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, а пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю – "Тарцюф" Санкт-Пецярбургскага тэатра "Майстэрня".
"Калі ў Магілёве ішла размова аб правядзенні першага тэатральнага форуму, быў выбраны вельмі правільны фармат, які спалучае і традыцыі, і інавацыі, – адзначыў міністр культуры Юрый Бондар. – Таму праект жыве, мае свайго гледача, а спектаклі праходзяць з аншлагамі". Ён падкрэсліў, што тыя навацыі, якія бачыць глядач на сцэне, створаць аснову будучага мастацтва. Юрый Бондар пажадаў усім удзельнікам і гледачам атрымаць сапраўднае задавальненне ад сустрэчы з высокім мастацтвам і таінствам тэатра.
Палітра 14-га маладзёжнага тэатральнага форума "М.@rt. кантакт" вельмі яркая і актуальная, у ёй запланавана нямала творчых эксперыментаў. На працягу тыдня на сцэнічных пляцоўках абласнога цэнтра будуць прадстаўлены 23 спектаклі з 10 краін свету. У горад на Дняпры запрошаны калектывы, якія ўжо праявілі сябе мінулыя гады, а таксама новыя тэатры і творчыя групы з Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы, Ізраіля...
Гаспадары форуму таксама заявяць пра сябе: Магілёўскі абласны драматычны тэатр прадставіць спектакль "Жоўты пясочак" у пастаноўцы маладога рэжысёра Камілі Хусаінавай паводле апавядання Васіля Быкава, а тэатр лялек пакажа прэм'еру "Кандыд, або Аптымізм" (паводле Вальтэра) ад галоўнага рэжысёра Ігара Казакова.
У спецыяльную праграму ўвайшлі майстар-класы для акцёраў і майстэрня маладой рэжысуры. Чакаецца, што крытыкі выберуць галоўную "Падзея форуму", лепшы спектакль-2019 будзе вызначаны па выніках глядацкага інтэрнэт-галасавання.
Цырымонія адкрыцця і самыя яркія моманты з пастаноўкі "Тарцюф" Санкт-Пецярбургскага тэатра "Майстэрня" – у фотарэпартажы з Магілёва.