За больш як 25 гадоў дыпадносін Беларусь і Кітай выпрацавалі свой "рэцэпт" дружбы і ўзаемавыгаднага партнёрства. Дзякуючы цесным сувязям, у тым ліку на самым высокім узроўні, паспяховае ўзаемадзеянне наладжана ва ўсіх сферах. Адзін з яскравых прыкладаў – адукацыя. Невыпадкова 2019-ы ў Кітаі аб’яўлены Годам адукацыі Беларусі. Да гэтага часу паміж ВНУ дзвюх краін падпісана звыш 350 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве. І як паказала практыка, гэта далёка не мяжа.
У рамках тэматычнага года ў Мінску ўпершыню адбылося асаблівае мерапрыемства, якое можа ператварыцца ў яшчэ адну добрую беларуска-кітайскую традыцыю. На адзін дзень галоўная скарбніца ведаў – Нацыянальная бібліятэка Беларусі – стала цэнтрам прыцягнення таленавітых кітайскіх студэнтаў, якія вучацца ў ВНУ Беларусі. На сустрэчу з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам і Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Кітая Цуй Цымінам, а таксама рэктарамі вядучых навучальных устаноў краіны прыехалі маладыя людзі, якія прадэманстравалі значныя поспехі ў вучобе, навукова-даследчай і грамадскай дзейнасці. Усяго ж у Беларусі сёння атрымліваюць вышэйшую адукацыю больш за 3 тысячы маладых людзей з Кітая.
Уручэнне ўзнагарод, дыскусія на актуальныя тэмы, канцэрт і знаёмства з асаблівасцямі кітайскай культуры – у рэпартажы з Нацыянальнай бібліятэкі.