Футбалісты барысаўскага БАТЭ 14 лютага перамаглі лонданскі "Арсенал" у дамашнім матчы 1/16 фіналу Лігі Еўропы.
Госці з самага пачатку гульні завалодалі ініцыятывай і на працягу пяці стартавых хвілін двойчы стварылі галявыя моманты каля варот Дзяніса Шчарбіцкага. Паступова барысаўчане асвоіліся і змаглі правесці некалькі вострых контратак, але вопытны галкіпер "кананіраў" Петр Чэх быў гатовы. Амаль да самага перапынку футбалісты "Арсенала" кантралявалі ход гульні, але на 44-й хвіліне прапусцілі мяч. Гаспадары поля атрымалі права на штрафны ўдар, які выканаў капітан БАТЭ Ігар Стасевіч, а Станіслаў Драгун дакладна замкнуў верхавую перадачу з правага фланга – 1:0.
У другім тайме барысаўчанам давялося адбіваць шматлікія атакі "Арсенала", але яны змаглі ўтрымаць сваю мінімальную перавагу. Адразу пасля гульні галоўны трэнер пераможцаў Аляксей Бага адзначыў, што яго падапечным было нялёгка, але яны змаглі адолець больш вопытных сапернікаў. Аднак, сказаў настаўнік БАТЭ, гэта толькі першы матч, і хто выйдзе ў 1/8 фіналу, вырашыцца праз тыдзень – пасля сустрэчы ў Лондане.
Самыя яркія моманты матчу БАТЭ супраць лонданскага "Арсенала" - у нашым фотарэпартажы!