Конкурс "Навагодняя тэатральная цацка" настолькі спадабаўся ўдзельнікам і арганізатарам – камандзе Вялікага тэатра оперы і балета, што вельмі хутка лепшыя работы стануць экспанатамі спецыяльнага музея, які плануюць адкрыць пры галоўнай сцэне Беларусі.
У экспазіцыю абавязкова ўвойдуць і работы-прызёры конкурсу бягучага года: старажытнагрэчаскія музы трагедыі і танца – Мельпамена і Тэрпсіхора, Баба-Яга, Мышыны кароль і кампазіцыя "Балет".
Пераможцы – уладальнік Гран-пры сям’я Кузняцовых, сям’я Семчанкаў (1 месца), Дар’я Філатава (2 месца), сям’я Ставераў (3 месца) і сям’я Емяльянавых (прыз глядацкіх сімпатый) – атрымалі ў якасці ўзнагароды запрашэнне на калядны балет Чайкоўскага "Шчаўкунок".
На пяты па ліку конкурс было пададзена 140 заявак ад 120 сем’яў з усёй Беларусі. Ва ўмовах творчага спаборніцтва – ніякіх абмежаванняў для фантазіі. Удзельнікі стваралі свае работы з разнастайных матэрыялаў: ад ватных палачак і сурвэтак да пап’е-машэ і макароны. Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Святлана Казюліна адзначыла, што заўтра цацкі ўдзельнікаў адправяцца ў мінскі дзіцячы дом №5 – парадаваць дзяцей часцінкай сямейнага цяпла напярэдадні Каляд і старога Новага года.
Цырымонія ўзнагароджання фіналістаў конкурсу "Навагодняя тэатральная цацка" – у рэпартажы з Вялікага тэатра.