Першыя аграробаты, "цёплыя кнігі" і самаходны збожжаўборачны камбайн – адборачныя этапы конкурсу "100 ідэй для Беларусі" стартавалі ў абласных гарадах
Інавацыі, навукова-тэхнічныя распрацоўкі і сучасныя тэхналогіі – усё гэта галоўныя складнікі маладзёжнага конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Восьмы сезон папулярнага праекта, арганізаванага БРСМ, стартаваў 5 лістапада з адборачных этапаў у раёнах, а ў снежні эксперты адправіліся ў тур па абласных гарадах. Першай конкурс прыняла Магілёўская вобласць, затым эстафету падхапілі Брэсцкі і Віцебскі рэгіёны.
Праект "100 ідэй для Беларусі" – маштабная пляцоўка, якая дае шанц таленавітым школьнікам, студэнтам і маладым вучоным прадэманстраваць свае праекты, атрымаць рэкамендацыі ад экспертнага савета, а галоўнае, заручыцца падтрымкай партнёраў і спонсараў. Да таго ж пераможцы атрымліваюць дапамогу ў распрацоўцы бізнес-плана, з якім яны могуць прыняць удзел у конкурсе інавацыйных праектаў, змагацца за гранты.
У гэтым годзе 34 інавацыйныя праекты прадставілі ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце таленавітыя маладыя людзі з усяго рэгіёна. У лік лепшых ноу-хау вобласці ўвайшлі лазерны гравёр для нанясення выявы на паверхню дрэва, пластыку і тканін, а таксама прыбор, які дае магчымасць выкарыстоўваць цеплавыя страты халадзільніка для атрымання таннай электраэнергіі на асвятленне калідораў і лесвічных клетак.
Не адставалі і брастаўчане, якія прадставілі 3D-прынтар, мэсэнджар для адукацыі Nexu і праграмнае забеспячэнне ўбудаванага інфармацыйнага табло. А самыя юныя ўдзельнікі – Алег Казуля і Артур Рудзіч (11 і 13 гадоў), сабралі бесправадную катушку "Тэсла", якая выпрацоўвае электрычную энергію і якую можна выкарыстоўваць для асвятлення пры спуску ў шахты, пад вадой, як зараднае ўстройства або запальніцу.
Наперадзе – гарадскі этап у Мінску (28 снежня), у студзені адбудуцца прэзентацыі ў Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях, вынікі праекта падвядуць у лютым 2019 года. А пакуль у ліку самых запамінальных – праект аб аўтаматызацыі вытворчасці з дапамогай робататэхнікі (Брэсцкая вобласць), стварэнні "цёплых кніг" для дзяцей са слабым зрокам з выкарыстаннем тэкстылю (Гродзенская вобласць) і самаходны збожжаўборачны камбайн GS4118K, які працуе на кампрыміраваным прыродным газе (Гомельская вобласць).
Юныя ўдзельнікі і самыя цікавыя распрацоўкі конкусу "100 ідэй для Беларусі" – у спецыяльным рэпартажы!