Амаль 100 грацый з 10 краін сабраў у беларускай сталіцы міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы на прызы Марыны Лобач. Роўна 30 гадоў таму яна заваявала золата карэйскага Сеула і стала першай савецкай алімпійскай чэмпіёнкай у гэтым відзе спорту. У спаборніцтвах на дыване Палаца мастацкай гімнастыкі прынялі ўдзел юныя спартсменкі з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Эстоніі, Казахстана, Ізраіля. Дэбютанткамі гэтага года сталі прадстаўніцы Італіі і Кіпра.
Турнір імя Марыны Лобач, які праводзіцца ў Мінску з 2002 года, заваяваў аўтарытэт сярод міжнародных экспертаў і ўвайшоў у спіс самых значных спартыўных падзей года ў нашай краіне. Яшчэ да пачатку 16-х па ліку спаборніцтваў у лік фаварытак увайшлі пераможцы Юнацкіх Алімпійскіх гульняў-2018 у Буэнас-Айрэсе расіянкі Дар'я Трубнікава і Лала Крамарэнка, украінка Хрысціна Пагранічная і бронзавы прызёр юніёрскага чэмпіянату Еўропы Валерыя Соцкава з Ізраіля…
У ходзе двухдзённага турніру высокі клас паказала беларуская каманда, заваяваўшы 8 узнагарод, 6 з якіх - залатыя. Дар'я Грохатава стала лепшай у мнагабор'і па выніках практыкаванняў са скакалкай і мячом. Арына Краснаруцкая, Ксенія Сцешыц і Дар'я Ткачова падняліся на другое месца п'едэстала ў камандным першынстве. Галоўны прыз - імянную статуэтку Марыны Лобач - трэці год запар заваявала беларуска. На гэты раз па выніках практыкаванняў з абручом, мячом, булавой і стужкай не было роўных Ганне Каменшчыкавай, якая атрымала ад суддзяў 37,150 бала.
Узыходзячыя зоркі мастацкай гімнастыкі - у рэпартажы з турніру Марыны Лобач у Мінску!
На фота: Ксенія Свірская (Беларусь)