Сядзібе Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы ў гэтым годзе споўнілася 15 гадоў. За гэты час запаветныя жаданні навагодняму чараўніку загадалі 1,5 млн турыстаў са 101 краіны і, вядома, мільёны беларусаў. Штогод у рэзідэнцыю прыходзіць больш за 17 тысяч пісем, у тым ліку з Кітая, Японіі, Пакістана, краін Афрыкі, і ні адно не застаецца без адказу!
На свята ў сядзібу прыбылі навагоднія чараўнікі з усёй Беларусі і казачны персанаж з Расіі – Яранскі Глінышак. Разам з Дзедам Марозам іх сустракалі Снягурачка і Матухна Зіма з дочкамі – Сцюжай, Завірухай і Мяцеліцай.
Кульмінацыяй святкавання стала ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака Новаму году. Ля галоўнай ёлкі рэзідэнцыі Дзеда Мароза цяпер красуецца каваная кампазіцыя: цыферблат гадзінніка, стрэлкі якога набліжаюцца да Новага года, мяшок з падарункамі, валёнкі, посах і рукавіцы казачнага чараўніка. Прымераць галоўныя атрыбуты зімовага свята і адчуць сябе Дзедам Марозам цяпер зможа кожны!
"Менавіта тут пачынае свой шлях светлае свята Новага года, адсюль агеньчыкі навагодніх ёлак разлятаюцца па ўсёй Беларусі. Гэта падштурхнула мяне да думкі аб’явіць Белавежскую пушчу сталіцай Новага года. У азнаменаванне гэтага і з'явіўся першы ў свеце памятны знак Новаму году", – сказаў Дзед Мароз.
Магія зімовага чараўніцтва ў любое надвор'е і навагодняя казка – у рэпартажы з Белавежскай пушчы!