Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з актывам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі – сучасным прадаўжальнікам традыцый УЛКСМ – адбылася 29 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці.
Мерапрыемства прымеркавана да 100-годдзя УЛКСМ, з якім непарыўна звязана гісторыя камсамольскага руху ў Беларусі, а таксама развіццё краіны ў цэлым. Члены маладзёжнага руху ў ваенныя гады актыўна дапамагалі дзяржаве ў барацьбе з разрухай, гаспадарчым і культурным будаўніцтве, а затым гераічна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. За мужнасць, самаадданасць і гераізм, праяўленыя камсамольцамі і моладдзю Беларусі ў радах Чырвонай Арміі і партызанскіх атрадах у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Ленінскі камсамол Беларусі 22 верасня 1945 года быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
У далейшым дзясяткі тысяч маладых камсамольцаў удзельнічалі ў будаўніцтве Бярозаўскай і Лукомскай ДРЭС, Гродзенскага вытворчага аб'яднання "Азот" і Светлагорскага завода штучнага валакна, Полацкага і Мазырскага нафтаперапрацоўчых заводаў, Беларускага шыннага завода і Брэсцкага дыванова-суконнага камбіната, трох салігорскіх калійных камбінатаў, працавалі на меліярацыі зямель Беларускага Палесся. Беларускія камсамольцы выязджалі на будаўніцтва аб'ектаў жыллёвага і культурна-бытавога прызначэння Заходняй Сібіры, Уральскай вобласці, Карэліі і Якуціі, масава ўдзельнічалі ва ўборцы ўраджаю на цалінных і абложных землях, ударна працавалі на будоўлях ВАЗа, КамАЗа, Байкала-Амурскай магістралі.
Спецыяльна да мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці разгорнулася выстава, арганізаваная ў форме інтэрактыўных пляцовак. Экспазіцыя прысвечана рабоце БРСМ на сучасным этапе і тэматычна падзелена па трох напрамках: "Беларусь – крыніца натхнення", "IТ. Крэатыўная прастора", "Будучыню Радзімы будаваць маладым". Прэзідэнт сустрэўся з пераможцамі рэспубліканскіх маладзёжных конкурсаў і праектаў, лепшымі байцамі студэнцкіх і маладзёжных атрадаў.