Звыш трох тысяч удзельнікаў з розных рэгіёнаў краіны і замежжа сабраў 22 верасня юбілейны міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" ў аграгарадку Ляскавічы (Петрыкаўскі раён). Менавіта тут, на самым буйным прытоку Дняпра, у "калысцы" Прыпяцкага Палесся, роўна пяць гадоў таму зарадзіўся ўнікальны этнафорум, прысвечаны самабытнай культуры палешукоў.
Прыпяцкае Палессе – дзіўны край, жыхары якога да нашых дзён захавалі культуру, аўтэнтычныя традыцыі, народныя абрады і рамёствы сваіх продкаў. Яшчэ адным крокам па захаванні спадчыны з'яўляецца міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся", удзельнікамі якога ў бягучым годзе сталі не толькі творчыя калектывы з Беларусі (васьмі раёнаў Гомельскай і трох – Брэсцкай абласцей), Расіі і Украіны, але і прадстаўнікі Латвіі, Польшчы, Індыі і Кітая.
Госці этнафестывалю "Кліч Палесся" змаглі наведаць канцэрт фальклорных ансамбляў і народных калектываў, прагуляцца па кірмашы народных умельцаў і асвоіць рамёствы пад кіраўніцтвам вопытных майстроў, авалодаць асновамі старажытнага бытавога танца пад назвай "Лысы" і, вядома, прадэгуставаць стравы нацыянальнай кухні... Акрамя таго, любы жадаючы змог убачыць "жывую" спадчыну палешукоў: жыхары мясцовых вёсак прадставілі тэатралізаваную пастаноўку, у якой расказалі легенды аб малой радзіме.
Па традыцыі ў рамках форуму ўшаноўвалі заслужаных людзей краю: уладальнікамі звання "Ганаровы паляшук" і запаветнай статуэткі сталі кіраўнік народнага аматарскага ансамбля "Выцінанка" Пётр Астапчук і знакаміты байдарачнік, алімпійскі чэмпіён, сяміразовы чэмпіён свету Раман Петрушэнка. А ўжо вечарам экспертнае журы вызначыла пераможцу конкурсу прыгажосці "Палеская прыгажуня-2018": тытул самай прыгожай дзяўчыны атрымала 19-гадовая студэнтка МДЛУ Юлія Герасіменка з Петрыкава.
Самыя запамінальныя моманты этнафестывалю "Кліч Палесся"-2018 –у спецыяльным рэпартажы з Ляскавіч!