Віхор танца і музыкі, ласкаючыя слых назвамі і смакавыя рэцэптары гастранамічным задавальненнем знакамітыя хінкалі, далма, хачапуры, мцвадзі пад абавязковы бакал чырвонага віна, – 4 гады таму фестываль грузінскай культуры "Тбілісоба" стаў першым у любімым мінчанамі праекце Дзён нацыянальных культур. Адметнасцю фестывалю-2018 стала тое, што сумесна з "Тбілісоба" з 31 жніўня па 2 верасня ў Беларусі праходзілі Дні культуры Грузіі.
Маштабы фестывалю, праведзенага ў Верхнім горадзе ў мінулыя выхадныя, уражваюць: у гонар стагоддзя незалежнасці Грузіі арганізатары наладзілі грандыёзнае свята з мноствам забаў. Актыўнасці – ад канатнай дарогі і скаладрома да "танцаў" на лонгбордах і міні-сёрфінга, кінапаказы, кухня ўсіх 12 рэгіёнаў краіны, танцавальны батл паміж брэйкерамі і грузінскімі танцорамі пад акампанемент ансамбляў "Эрысіёні" і "Галасы Грузіі", – здзіўлялі, забаўлялі і захаплялі мінчан краінай невычэрпнай гасціннасці. На дэсерт – пасля чурчхелы і пахлавы – цудоўны канцэрт ад сусветна вядомай джазавай спявачкі Ніно Катамадзэ.
Мэры дзвюх сталіц – Андрэй Шорац і Каха Каладзэ – сказалі тост за поспех фестывалю і развіццё беларуска-грузінскай дружбы. Андрэй Шорац назваў "Тбілісобу" ў Мінску ўнікальнай з’явай, а Каха Каладзэ адзначыў асаблівую душэўную цеплыню, з якой ён прыязджае ў Беларусь. Напярэдадні фестывалю Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Грузіі ў Беларусі Валерый Кварацхелія адзначыў дынамічнае і інтэнсіўнае развіццё адносін паміж краінамі, фундамент дружбы паміж якімі нязменна ўмацоўвае "Тбілісоба".
Лепшыя кадры "Тбілісоба Баржомі 2018" – у маляўнічым рэпартажы з Верхняга горада!