Адразу дзве дысцыпліны на II Еўрапейскіх гульнях прысвечаны веласпорту: у сталіцы атлеты паспаборнічаюць у скорасці і трываласці на шашы (маршрут гонкі будзе праходзіць уздоўж галоўных выдатных мясцін Мінска) і на трэку веладрома Мінск-Арэны.
"Гран-пры Мінска" – тэставы турнір па веласпорце на трэку да II Еўрапейскіх гульняў, у якім удзельнічаюць 250 атлетаў з 16 краін. У скарбонцы беларускіх спартсменаў па выніках першага дня спаборніцтваў – 6 узнагарод.
У індывідуальнай гонцы праследавання на 3 км Іна Савенка прыйшла першай, а Таццяна Шаракова – трэцяй. У камандным спрынце гоншчыкі велагрупы "Мінск" Яўген Верамчук, Уладзіслаў Новік і Арцём Зайцаў заваявалі серабро. Яшчэ адзін медаль – бронзу – выйгралі Дзіяна Мядзведская і Юлія Манец у жаночым камандным спрынце. У той жа дысцыпліне праявілі сябе і беларускія юніёры: у арсенале юных велагоншчыкаў – залатая і сярэбраная ўзнагароды.