Рыцарскія паядынкі, спаборніцтвы лучнікаў, захапляльны штурм замка, паказальныя выступленні і конныя турніры… Тысячы гасцей з розных куткоў краіны і замежжа 4–5 жніўня прыехалі ў старажытны Мсціслаў, які ў даведніках нярэдка называюць беларускім Суздалем, каб атрымаць асалоду ад атмасферы сапраўднага Сярэднявечча. Менавіта тут 11-ы год запар адбыўся традыцыйны ўжо "Рыцарскі фэст. Мсціслаў", які ў гэтым годзе сабраў больш за 200 удзельнікаў з 32 клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі і Расіі.
Адкрылася сярэдневяковае свята на галоўнай плошчы горада: удзельнікамі маляўнічага касцюміраванага шэсця сталі конныя і пешыя рыцары са сваімі збраяносцамі – прадстаўнікі амаль 40 рыцарскіх аб'яднанняў. А затым асноўныя мерапрыемствы – рыцарскія турніры, паказальныя выступленні і конныя спаборніцтвы – разгарнуліся на адной з самых вядомых выдатных мясцін – Замкавай гары. Тут жа размясціўся горад майстроў, а таксама падворкі літоўскіх кулінараў, якія з радасцю частавалі гасцей мяснымі і агародніннымі далікатэсамі, напоямі, прыгатаванымі па старадаўніх рэцэптах.
Акрамя асноўнай праграмы, наведвальнікі рыцарскага фестывалю – як дарослыя, так і дзеці – упершыню змаглі зрабіць віртуальнае "Падарожжа ў часе", а таксама накіравацца на пошукі ключоў і разгадак галаваломак у падзямеллі кармеліцкага касцёла ў рамках квестаў "Скарб Сярэднявечча" і "Таямніцы рукапісу Сярэднявечча". А аматары даўніны і археалагічных знаходак змаглі ўбачыць сапраўдны залаты дукат, наведаць раскопкі старажытнага гарадзішча на Замкавай гары, пабываць на выстаўцы калекцыйнай зброі і нават азнаёміцца з сярэдневяковымі прыладамі катавання часоў інквізіцыі.
А на заканчэнне двухдзённага сярэдневяковага марафону ў горадзе з больш як 880-гадовай гісторыяй адбыўся вялікі open-air канцэрт, у якім выступілі як замежныя госці – расійская фолк-метал група Alkonost з горада Набярэжныя Чаўны, так і пастаянныя ўдзельнікі, сярод якіх "Літы Талер", PAWA і іншыя. Вячэрнюю праграму мсціслаўскага фэсту-2018 упрыгожыла сапраўдная вогненная феерыя ў выкананні тэатра фарса і агню Balagan Band, а дапоўнілі ўражальны паказ сцяг-шоу і шоу на хадулях.
Лепшыя кадры "Рыцарскага фэсту"-2018 – у рэпартажы з Мсціслава!